Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плянуй, што ў цябе будзе 12 гадзін вольнага часу». Што адбываецца на мяжы Беларусі з Эўразьвязам


Каляж
Каляж

Пагаварылі зь беларусамі, якія праходзілі мяжу Беларусі з Эўразьвязам у сакавіку, пасьля закрыцьця яшчэ двух літоўскіх пераходаў.

Шэраг зьменаў на мяжы

За апошні месяц беларусы, якія езьдзяць у Польшчу або Літву, сутыкнуліся з шэрагам зьменаў. Сёлета 1 сакавіка Літва закрыла яшчэ два памежныя пераходы, у тым ліку папулярны ў беларусаў пераход у Прывалцы, побач з Горадняй. У выніку:

  • памяняліся маршруты аўтобусаў і маршрутак;
  • некаторыя кірункі зьніклі (прыкладам, у Друскенікі);
  • вырасьлі цэны на білеты (у сярэднім на 10 даляраў);
  • купіць білеты стала складаней, бо іх хутчэй разьбіраюць,
  • іншыя пераходы з Эўразьвязам сталі больш загружаныя.

У апошні тыдзень сакавіка стала вядома, што Польшча перастала выпускаць з Эўразьвязу аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, паводле іншых зьвестак — даражэйшыя за 50 тысяч эўра з любым аб’ёмам рухавіка. За Польшчай падобны захад зрабіла Латвія. Імаверная прычына ў тым, што краіны Эўразьвязу хочуць абмежаваць вываз элітных машын, якія пераганялі ў Расею.

Пашпартная праверка на беларуска-польскай мяжы
Пашпартная праверка на беларуска-польскай мяжы

У апошні час, паводле суразмоўцаў Свабоды, вырасла колькасьць аўтамабіляў, якія вязуць з Эўропы ў Расею, каб пасьпець да 1 красавіка, бо тады Расея накладзе вялікае мыта на ўвоз аўтамабіляў, якія прайшлі мытнае афармленьне ў Эўразьвязе.

Яшчэ адна зьмена — з 1 красавіка памяншаюцца нормы, якія можна ўвозіць у Беларусь з Эўразьвязу бяз мытнага афамленьня для ўласнага карыстаньня: замест 31 кіляграма будзе 25 кіляграмаў, замест тавараў на 1000 эўра — толькі на 500. Такую меру хацелі прыняць яшчэ некалькі гадоў таму, але кожны раз адкладалі рашэньне. Чакаецца, што чэргі з красавіка паменшацца, бо вазіць тавары ў Беларусь стане менш выгадна. Давядзецца заплаціць 4 эўра за кожны лішні кіляграм або 30% ад кошту перавышэньня.

Зь лішнім круком ехала з Горадні ў Беласток 22 гадзіны

Беларуска Ірына* (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС) ехала ў сакавіку з Горадні ў Беласток на адпаведным аўтобусе празь пераход у Берасьці. Паездка была напярэдадні выходных. Калі яны пад’ехалі да мяжы, то ўбачылі, што перад імі стаіць каля 30 аўтобусаў.

Жанчына выйшла са свайго аўтобуса і пайшла пешкі да тых, якія стаялі бліжэй мяжы. Яна яшчэ раз заплаціла за білет, ужо да Варшавы. Здаць папярэдні білет і вярнуць сабе грошы ўжо не было магчымасьці. У Варшаве яна перасела на аўтобус да Беластока. Уся дарога зь лішнім круком заняла 22 гадзіны. Паводле ейных падлікаў, яна зэканоміла суткі, якія магла прастаяць на мяжы, калі б не перасела.

Выходзіць са свайго аўтобуса і перасаджвацца ў той, што бліжэй мяжы, калі вялікая чарга, стала распаўсюджанай практыкай. Партал «АўтаГродна» паведамляў, як горадзенскія перавозчыкі прыдумалі зэканоміць час пасажыраў без дадатковага білета на аўтобус. Пусты аўтобус займае чаргу на мяжы. Калі ў «хвост» чаргі пад’яжджае аўтобус гэтай жа фірмы, то пасажыры пераходзяць з апошняга аўтобуса ў той, што наперадзе. Той, што ў «хвасьце», застаецца пустым чакаць у чарзе, каб пазьней паўтарыць трук з пасажырамі.

Многія беларусы таксама пад’яжджаюць на аўтамабілі да Варшаўскага моста ў Берасьці, потым ідуць пешкі да мяжы і шукаюць месца ў найбліжэйшых да мяжы аўтобусах.

Беларус Міхал ехаў у сакавіку зь Беластока ў Менск празь Берасьце на машыне ў будны дзень. Уся дарога заняла каля 19 гадзін. Ён правяраў даўжыню чаргі праз інтэрнэт і пільнаваў, калі яна будзе найменшай.

Беларуска Эмілія вырашыла, што ёй больш зручна ехаць не прамым рэйсам, а зь перасадкамі. На выходных яна паехала зь Беластоку ў Менск зь перасадкай у Вільні. Яна выехала ўвечары да Вільні. Праз пяць гадзін была там. Яшчэ праз паўтары гадзіны села на аўтобус да Менску праз Каменны Лог. Ранкам была ў Менску. Уся дарога заняла каля 10 гадзін. Зь Менску ў Беласток яна ехала такім жа чынам зь перасадкай у Вільні ў будны дзень. Увесь час у дарозе склаў 12-13 гадзін. На мяжы яны стаялі прыкладна па 5 гадзін кожны раз. Білеты ў адзін бок абыходзіліся прыблізна ў 55 даляраў.

«Аўтобусы прапускаюць так: чатыры рэйсавыя, адзін турыстычны»

Адэля ехала зь Менску ў Варшаву ў сакавіку празь Берасьце на рэйсавым аўтобусе ў будны дзень.

«На аўтамабілі я больш ня ежджу. Мне хапіла! Нават да закрыцьця мяжы (двух літоўскіх пераходаў. — РС) мы стаялі на Каменным Логу 9 гадзін», — успамінае яна.

Ехаць прамым аўтобусам зь Менску да Варшавы для яе ня так камфортна, як зь перасадкамі. Беларуска спачатку едзе зь Менску ў Берасьце на цягніку. Гэта займае 3 гадзіны 20 хвілін. Яна бярэ месца ў пляцкарце або купэ за 20 рублёў і сьпіць падчас дарогі. У Берасьці мае невялікі перапынак паміж транспартам і потым сядае ў аўтобус да Варшавы.

«Аўтобусы, якія ідуць проста да Варшавы, — для мяне гэта задоўга. Ехаць пяць гадзін аўтобусам толькі да мяжы. Я пасьпяваю звар’яцець. А так я сьвежанькая сядаю ў аўтобус», — камэнтуе Адэля.

Яна зазначае, што варта даведацца, бярэш ты білет на турыстычны аўтобус ці на рэйсавы. Гэта не заўсёды відавочна. Рэйсавыя маюць перавагу, іх могуць прапусьціць перад турыстычнымі.

«Аўтобусы прапускаюць прыкладна так: чатыры рэйсавыя, адзін турыстычны. Часам, калі надта вялікая і павольная чарга, людзі ходзяць і просяць, каб хаця б прапускалі турыстычны пасьля трох рэйсавых», — кажа суразмоўца.

Яна заўважыла, што зь берасьцейскага аўтавакзала аўтобус выяжджаў паўпусты. Калі яны былі блізка да мяжы, то ён ужо запоўніўся тымі, хто падсаджваецца непасрэдна перад памежным пераходам.

На мяжы стаялі 13 гадзін. Беларуска ўжо прывыкла падоўгу стаяць у такіх чэргах. Стараецца заняць сябе ў гэты час.

«Гэта для мяне ўжо ня страшна. Гэта частка майго жыцьця. Я стаўлюся да гэтага не як да масакры, а як да сытуацыі. Мы стаім на мяжы, можна жыць сваім жыцьцём, проста ня дома. Я бяру з сабой працу. Свае 10 тысяч крокаў раблю ўздоўж аўтобуса, хаджу туды-сюды, калі надвор’е спрыяе», — расказвае яна.

Яна не заўважыла, каб сытуацыя зь пераходам мяжы моцна памянялася за апошні месяц.

«Стаяць 30 гадзін — было і раней, стаяць 15 гадзін — было і раней. Калі ты прайшоў мяжу за 7 гадзін, то чаго ты перажываеш, гэта вельмі клясны час», — разважае яна.

Яна раіць беларусам, якія плянуюць паездкі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, прыдумляць сабе справы падчас чаканьня на мяжы.

«Плянуй, што ў цябе будзе 12 гадзін вольнага часу. Трэба абжывацца. Трэба даваць сабе заданьні: я пайду направа, пагляджу, што там, пайду налева пагляджу. Пагляджу, што ў аўтобусе, кагосьці сустрэну, пагутарым. Пачытаць, паглядзець тэлефон, праверыць, дзе лепшыя прыбіральні», — раіць суразмоўца.

Аднойчы яна бачыла, як людзі біліся на мяжы празь нейкі пусты аўтобус, які стаяў наперадзе і празь яго нікога іншага не прапускалі. Іншы суразмоўца Свабоды Міхал тлумачыць, што такіх людзей можна зразумець. Людзі могуць біцца, калі перад імі ў чаргу пускаюць дадатковыя аўтамабілі.

«Яны стаяць на нэрвах, ім трэба пасьпець на працу. Яны, прыкладам, працуюць па зьменах на заводзе і, калі не пасьпеюць прайсьці мяжу, ня могуць узяць адгул на наступны дзень. А яны яшчэ хочуць адпачыць, зь сям’ёй пабыць», — разважае Міхал.

Адэля расказвае, што калі яна выяжджае зь Менску цягніком напярэдадні позна ўвечары, то тады, хутчэй за ўсё, недзе да 17:00 наступнага дня даедзе да Варшавы. Калі ж яна выяжджае зь Менску раненька, то ў Варшаве будзе прыкладна апоўначы таго ж дня. Уся дарога займае ў яе ў такіх паездках каля 20-24 гадзін.

На дарогу зь Менску да Варшавы яна траціць да 110 рублёў (20 на цягнік да Берасьця) і 75-90 рублёў (на білет да Варшавы). Гэты кошт не зьмяніўся пасьля 1 сакавіка. Але яна заўважыла, што білеты на прамыя рэйсы Менск — Варшава празь Літву падаражэлі на 30 рублёў: з 120 да 150 рублёў. Паводле ейных назіраньняў, цяпер цяжэй купіць квіток на рэйсы, якія ідуць у Эўразьвяз празь Літву, бо іх колькасьць скарацілася.

«Наркотыкі, транквілізатары?»

Беларуска Алена ехала ў сакавіку з Горадні ў Беласток на аўтобусе ў будны дзень. Яна ехала да мяжы ў Берасьці на аўтамабілі, каб там сесьці на аўтобус. Перад выездам яна праверыла, што на мяжы стаіць восем аўтобусаў. Але калі яна пад’ехала да памежнага пераходу, ніводнага аўтобуса не было.

Аднак цягам гадзіны яна села на маршрутку, якая ішла з Горадні. Заплаціла за білет 120 рублёў, быццам ехала з самага пачатку. Да сакавіка білеты Горадня — Беласток каштавалі 90-100 рублёў. Уся дарога заняла 9 гадзін. Яна кажа, што ейная знаёмая ехала аўтобусам падобным маршрутам, але на выходных, калі ў Польшчы была «гандлёвая нядзеля», то бок працавалі крамы (у большасьць нядзеляў крамы ў Польшчы закрытыя). Тая была ў дарозе каля двух сутак.

Зь Беластоку ў Горадню Алена ехала на аўтамабілі празь Беняконі таксама ў будны дзень. У дарозе яна правяла 27 гадзін.

Яна кажа, што беларускія мытнікі дбайна правяралі рэчы. Мытнік пытаўся ва ўсіх: «Наркотыкі, транквілізатары?»

«Ён так манатонна гэта казаў. У яго быў такі твар, што мне нават не захацелася пажартаваць у адказ: „Не, дзякуй“. Трасуць усё. У мяне цалкам правяралі валізку. Аднаго мужчыну кудысьці адводзілі. Машына засталася, потым ён адагнаў аўтамабіль з пашпартнага кантролю з чаргі, а сам ён заставаўся. Так што допыты дагэтуль праходзяць», — кажа яна.

Яна прызнаецца, што больш за суткі ў дарозе складана пераносіць. Часам атрымліваецца трошкі паспаць. Па патрэбе людзі хадзілі ў лес на літоўскім баку.

«Там усё засьмечана. Паперкі, людзі выкідаюць пакеты са сьмецьцем з машын. Калі ідзеш у глыб лесу, то пераступаеш, як на „мінным полі“, каб не запэцкаць боты», — расказвае яна.

Купіць цёплую ежу можна было ў кавярні на літоўскім баку. Бутэлька вады на 1,5 літра каштавала 1,5 эўра.

Алена мяркуе, што з красавіка стане лягчэй езьдзіць у Эўразьвяз, бо праз абмежаваньне нормаў радзей будуць езьдзіць перакупшчыкі. Цяпер нявыгадна будзе правозіць усе тавары, якія каштуюць больш за 500 эўра, напрыклад большасьць ноўтбукаў. Абмежаваньні па вазе зробяць яшчэ больш складаным перавоз буйнагабарытнай тэхнікі і мэблі: пральных машын, духовак, шафаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG