Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падкаст-сэрыял «Архіпэляг БЕЛАГ». Унікальныя сьведчаньні, як катуюць хатнім арыштам. Пекла «хімій»


Каляж
Каляж

Свабода запускае трэці эпізод падкаст-сэрыялу «Архіпэляг БЕЛАГ», які расказвае пра карную сыстэму рэжыму Лукашэнкі. Гэтая частка прысьвечаная такім формам зьняволеньня, як хатні арышт і так званая «хімія» — «хатняя» і з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Мы правядзём вас праз чацьвёрты і пяты кругі пекла.

Ільля Салей, былы палітзьняволены, юрыст перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі, адвакат Марыі Калесьнікавай:

«Самае складанае ў хатнім арышце — абсалютна поўная ізаляцыя. 24 гадзіны на дзень, 7 дзён на тыдзень на працягу паўгода я практычна быў увесь час адзін. Мне было забаронена карыстацца мабільным тэлефонам, інтэрнэтам, абсалютна любымі сродкамі сувязі».


Сьвятлана Алексіевіч, нобэлеўская ляўрэатка:

«Хатні арышт — спосаб прыніжэньня, толькі крыху іншы, больш выдасканалены. Мы думаем, што «ах, там нейкія страшныя садысты толькі працуюць». Не, там працуюць іншыя людзі, і разумныя людзі, але ў іх свая герархія каштоўнасьцяў. І грошы».

Рэгіна Лавор, былая палітзьняволеная:

«З 19 вечара і да 6 раніцы я ўвесь час павінна была знаходзіцца ў доме, не выходзіць увогуле з дома, і ўвесь гэты час я павінна была рэагаваць на візыты супрацоўнікаў. Калі было патрабаваньне прыехаць на мэдычны агляд на стан алькаголю, я павінна была гэта рабіць».

Віктар Пархімчык, былы палітзьняволены:

«Я працаваў у ІТ-сфэры, а ў першы мой працоўны дзень мяне накіравалі на пасаду жывёлавода 5-га разраду. Сярод маіх абавязкаў было прымаць роды ў каровы, пілаваць каровам капыты, неяк прадбачыць, калі карова хоча да быка... Судовая сыстэма працуе, як гулагаўскі кадравы цэнтар, які замяшчае недахоп працоўнай сілы з дапамогай прымусовай працы, у тым ліку і палітвязьняў».

У аўторак 23 красавіка выйдзе чацьвёртая частка падкасту Радыё Свабода «Архіпэляг БЕЛАГ» пра тое, як катуюць падчас этапаў, а таксама пра найбольш вядомыя калёніі Беларусі: Гомельскую жаночую, Наваполацкую і Шклоўскую. Гэта шосты круг пекла.

Падкаст «Архіпэляг БЕЛАГ». Дзе глядзець і слухаць

Гэта падкаст Ганны Соўсь пра тое, як Беларусь паступова ператвараюць у турму.

У сямі частках візуалізаванага падкаста «Архіпэляг БЕЛАГ» мы пройдзем праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамогуць былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Мы раскажам, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць, на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. У падкасьце вы пачуеце парады былых палітвязьняў, былых сілавікоў і праваабаронцаў, як прайсьці «Архіпэляг БЕЛАГ» з найменшымі стратамі для псыхічнага і фізычнага здароўя.

Візуалізацыю падкасту разам з намі рабілі былыя палітзьняволеныя — Марыя Каленік, Лявон Халатран, Віктар Пархімчык, Анастасія Булыбенка, Натальля Карнеева і яшчэ некалькі чалавек, якія пажадалі захаваць ананімнасьць.

«Архіпэляг БЕЛАГ». Як Беларусь ператвараюць у турму
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:50 0:00

Новыя выпускі падкасту выходзяць кожны аўторак ад 2 красавіка на YouTube-канале Свабоды і асноўных падкаст-плятформах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал Радыё Свабода, каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG