Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абвясьціла ў вышук судзьдзю Міжнароднага крымінальнага суду, які выдаў ордэры на Пуціна і Львову-Бялову


Уваход у Міжнародны крымінальны суд
Уваход у Міжнародны крымінальны суд

Пра тое, што судзьдзю абвясьцілі ў вышук, гавораць зьвесткі з базы міністэрства.

МУС Расеі абвясьціла ў вышук судзьдзю Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Сэрхіё Херарда Ўгальдэ Гадынэса. У арыентыроўцы ведамства ўказваецца, што яго шукаюць па крымінальным артыкуле, але па якім, не ўдакладняецца, піша «Настоящее время».

У сакавіку 2023 году Гадынэс і судзьдзі Тамока Аканэ і Разарыё Сальваторэ Айталі выдалі ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай.

Ім ставяць у віну адказнасьць за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею. Як растлумачылі ў судзе, ёсьць «разумныя падставы» меркаваць, што прэзыдэнт Расеі нясе за гэта асабістую адказнасьць.

Сьледчы камітэт Расеі раней заявіў, што завёў крымінальную справу супраць судзьдзяў і пракурора Міжнароднага крымінальнага суду аб прыцягненьні загадзя невінаватага да крымінальнай адказнасьці і падрыхтоўцы да нападу на прадстаўніка замежнай дзяржавы, які карыстаецца міжнароднай абаронай.

«Крымінальны перасьлед [супраць Пуціна і Львовай-Бяловай] носіць заведама незаконны характар, бо падстаў для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці няма», — заявілі ў ведамстве.

Тым часам пастанова суду ў Гаазе дзейнічае бестэрмінова і можа датычыцца любога чалавека, у тым ліку кіраўніка дзяржавы. Аднак Міжнародны крымінальны суд не выносіць завочных прысудаў. Гэта значыць, што для судовага разбору падсудны фізычна павінен знаходзіцца ў зьняволеньні ў Гаазе.

Цяпер Пуцін ня можа выяжджаць у краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, і ў краіны, якія прызнаюць юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду. А гэта 123 дзяржавы. Гэта ўсе краіны Эўропы, уся Паўднёвая Амэрыка, Таджыкістан, Афганістан, Бразылія, Паўднёвая Афрыка, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Нігерыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG