Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка заклікаў пасла Ірляндыі адрэагаваць на дзейнасьць у яго краіне менскага манастыра, які падтрымлівае агрэсію Расеі


Сьвята-Елісавецінскі жаночы манастыр на ўскрайку Менску.
Сьвята-Елісавецінскі жаночы манастыр на ўскрайку Менску.

З мэтай прыцягнуць увагу да «зламыснай дзейнасьці» ў Ірляндыі менскага Сьвята-Елізавецінскага манастыра і прыняць адносна яго неабходныя меры намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Павел Латушка зьвярнуўся да пасла гэтай дзяржавы ў Польшчы Патрыка Хогі.

Латушка напісаў ірляндзкаму дыплямату ліст.

Беларускі палітык выказвае «вялікую заклапочанасьць» у сувязі з паведамленьнямі СМІ аб візыце ў Ірляндыю манашак менскага манастыра «для працы зь беднымі».

«Манастыр Сьвятой Лізаветы <...> уцягнуты ў падтрымку вайны Расеі ва Ўкраіне. Духоўнік манастыра Андрэй Лемяшонак выказваў падтрымку дзеяньням РФ ва Ўкраіне і заклікаў маліцца за Лукашэнку і Пуціна. Акрамя таго, сьцьвярджаецца, што ў манастыры навучалі беларускіх падлеткаў зборцы і разборцы аўтаматычнай зброі», — адзначае Латушка ў лісьце.

«Адным з самых трывожных аспэктаў» дзейнасьці манастыра ён называе яго «фінансавую падтрымку расейскіх вайскоўцаў».

«Манастыр арганізуе канцэрты ў падтрымку расейскай арміі і зьбірае харчы і сродкі для расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны. На гэтыя сродкі набываюцца розныя прадметы, у тым ліку рацыі, коптэры, цеплавізары, бронекамізэлькі, шлемы і нават аўтамабіль», — піша Павел Латушка.

Хоць «актывісты і праваабаронцы распачалі некаторыя намаганьні, каб прыцягнуць увагу да дзейнасьці манастыра», падкрэсьлівае палітык, для яе спыненьня «неабходна зрабіць яшчэ больш».

«Прашу пасольства Ірляндыі ў Польшчы <...> прыняць да ведама гэтае пытаньне і разгледзець магчымасьць давядзеньня яго да ведама адпаведных органаў улады ў Ірляндыі. Улічваючы прыхільнасьць Ірляндыі правам чалавека, міру і справядлівасьці, я лічу вельмі важным разгледзець любыя дзеяньні, якія падтрымліваюць агрэсію і падрываюць стабільнасьць і бясьпеку Ўкраіны», — заяўляе Латушка.

7 сакавіка каталіцкі партал globalsistersreport. org паведаміў аб прыезьдзе ў Ірляндыю манашак Сьвята-Елізавецінскага манастыра Алены Валынец і Веранікі Васільевай. Мэтай візыту яны назвалі збор сродкаў для «сваіх праектаў за кошт продажу расейскіх абразоў, прадметаў рэлігійнага прызначэньня, а таксама сувэніраў».

У публікацыі адзначаецца, што манашкі наведалі езуіцкую парафію ў Дубліне, а таксама прыходы і школы ў графствах Манаган і Лаўт, дзе «распавялі пра сваю працу з псыхічна хворымі, бяздомнымі, былымі зьняволенымі і нарказалежнымі ў Менску».

Валынец і Васільева засталіся задаволеныя «цёплым прыёмам» і маюць намер зноў наведаць Ірляндыю ў гэтым годзе.

  • Сьвята-Елізавецінскі манастыр рэгулярна ўдзельнічае ў акцыях, якія падтрымліваюць расейскую агрэсію ва Ўкраіне.
  • У траўні 2023 году манастыр заявіў аб правядзеньні ў Менску канцэрту ў падтрымку «шпіталяў і параненых байцоў расейскай арміі, якія ўдзельнічаюць у спэцапэрацыі». Адзначалася, што сабраныя сродкі пойдуць на «закупку медабсталяваньня і лекавых сродкаў для шпіталяў Данбасу». Канцэрт быў анансаваны хэштэгам «Сваіх няе кідаем», папулярным у расейскай вайсковай прапаганды. На афішы мерапрыемства намалявалі лацінскую літару Z — сымбаль ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
  • 7 студзеня мінулага году падчас наведваньня манастыра з нагоды праваслаўнага Раства Лукашэнка падтрымаў збор дапамогі для расейскіх вайскоўцаў на фронце. «Вы робіце правільна. Не зьвяртайце ўвагі на дзясятак-другі праплочаных людзей», — заявіў Лукашэнка, дадаўшы, што «мы дапамагаем нашым расейскім братам».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG