Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьцяг палка імя Каліноўскага разгарнулі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. ВІДЭА


Вярхоўная Рада Ўкраіны
Вярхоўная Рада Ўкраіны

Сьцяг прынёс у парлямэнцкую залю народны дэпутат Ігар Гузь.

Палкавы сьцяг найбуйнейшай беларускай фармацыі ва Ўзброеных сілах Украіны,палка імя Кастуся Калінаўскага, разгарнуў у Радзе ўкраінскі дэпутат Ігар Гузь з калегамі. У фэйсбуку ён апублікаваў відэа падзеі.

«З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі воіны беларускага палка стаяць за Украіну. Яны прыехалі ва Ўкраіну з Эўропы, каб ваяваць, абаранялі Кіеў, калі гэта было вельмі трэба, а цяпер яны знаходзяцца на ўсходнім фронце.

Кожны беларус, які мае зброю ў руках і змагаецца з расейскім акупантам, ведае, што без свабоднай Украіны ня будзе свабоднай Беларусі.

Мы памятаем аб ахвярах. Гэта дзясяткі байцоў палка Каліноўскага і беларусаў зь іншых падразьдзяленьняў, якія загінулі на полі бою. Ніколі не забудзем.

Глыбока перакананы, што мы вельмі хутка з гэтым сьцягам будзем у вольным Менску і ў свабоднай Беларусі.

Слава Беларусі! Слава Украіне!» — напісаў Гузь.

Полк імя Каліноўскага

9 сакавіка 2022 году беларускія добраахвотнікі аб’явілі пра абʼяднаньне ў батальён імя Кастуся Каліноўскага. За гэты час яны прайшлі шлях ад невялікай групы пры тэрытарыяльнай абароне «Азоў» да найбуйнейшага нацыянальнага падразьдзелу іншаземцаў у складзе Ўзброеных сіл Украіны, расказалі ў прэс-службе палка.

У баявую частку палка Каліноўскага цяпер уваходзяць батальён «Волат», батальён «Літвін», падразьдзел БПЛА імя Мікіты Крыўцова, мэдычная рота і мэханізаваны падразьдзел. З 2023 году сфармавалі новы падразьдзел імя Касьцюшкі: ён складаецца з замежных грамадзян (у асноўным з ЭЗ і ЗША), якія служылі ў прафэсійных узброеных сілах і маюць вялікі вайсковы досьвед, які полк Каліноўскага імкнецца пераняць і перадаць беларускім ваярам.

Структурна полк Каліноўскага ўваходзіць у склад Міжнароднага легіёну — падразьдзяленьня, падпарадкаванага Галоўнаму ўпраўленьню выведкі Мінабароны Ўкраіны.

Полк Каліноўскага — высокамабільны пяхотны падразьдзел спэцпрызначэньня, які валодае лёгкай браняванай тэхнікай, уласнымі мінамётнымі разьлікамі, цяжкой артылерыяй, мае ўласныя падразьдзяленьні БПЛА. Сёньня Полк мае ўласны рэкрутынгавы цэнтар, валянтэрскую сетку, навучальныя цэнтры і інш. За два гады вайны некалькі тысячаў беларусаў прайшлі праз навучаньне, службу і баявыя дзеяньні.

Ад моманту стварэньня байцы палка бралі ўдзел у баях на самых гарачых участках фронту — за Кіеў, Мікалаеў, Лісічанск, Севераданецк, Запарожжа, Бахмут, Кляшчэеўку, Купʼянск і іншыя ўкраінскія гарады і мястэчкі.

У баях загінулі шэраг добраахвотнікаў палка: Ільля Хрэнаў з пазыўным «Літвін», Зьміцер Апанасовіч «Тэрор», Павал Суслаў «Волат», Іван Марчук «Брэст», Васіль Грудавік «Атам», Васіль Парфянкоў «Сябро», Вадзім Шатроў «Папік», Міраслаў Лазоўскі «Мыш» і яшчэ 11 ваяроў, інфармацыю пра якіх полк не агучвае ў сувязі зь мерамі бясьпекі ў дачыненьні да іх сваякоў у Беларусі.

Шэраг байцоў палка Каліноўскага былі ўзнагароджаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі Ўкраіны ад Галоўнага ўпраўленьня выведкі і ад Міністэрства абароны Ўкраіны. Шэраг ваяроў атрымалі ўзнагароды «За мужнасьць» III ступені з рук прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Таксама Зяленскі пасьмяротна ўзнагародзіў званьнем Героя Ўкраіны Аляксея «Тура» Скоблю, які загінуў у баях за Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG