Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што сабой уяўляе і з каго складаецца сетка расейскага ўплыву ў Беларусі? Тлумачыць экспэрт iSANS Аўсеюшкін


Прарасейская актывістка Вольга Бондарава, каляж
Прарасейская актывістка Вольга Бондарава, каляж

Ян Аўсеюшкін — экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS (International Strategic Action Network for Security). Сярод тэмаў ягоных дасьледаваньняў — мэханізмы расейскага ўплыву на Беларусь.

Ён расказаў Свабодзе, з каго складаецца сетка расейскага ўплыву ў Беларусі.

— Ян, вы вывучаеце расейскі ўплыў у Беларусі і яго эвалюцыю. У пэўным сэнсе можна сказаць, што праваднікамі, актарамі гэтага ўплыву зьяўляецца ўся дзяржаўная сыстэма, пачынаючы з Лукашэнкі і яго адміністрацыі.

Але калі весьці размову пра грамадзкія ці квазіграмадзкія арганізацыі, супольнасьці, плыні — якая структура гэтага ўплыву?

Ян Аўсеюшкін
Ян Аўсеюшкін

— Сыстэма расейскага ўплыву вельмі трансфармавалася пасьля 2020 году. Раней расейцы ўкладалі рэсурсы ў клясычную стратэгію «мяккай сілы» са стварэньнем сваіх мэдыя, з вырошчваньнем сваіх актывістаў, з рэалізацыяй сваіх праектаў. Гэта ўсё захавалася, але яны зьмянілі акцэнт на супрацу з рэжымам. Навошта ствараць адмысловыя інструмэнты ўплыву, калі ўсё неабходнае робіць сам рэжым Лукашэнкі і зьвязаныя зь ім актывісты?

Калі ж гаварыць пра грамадзянскую супольнасьць, якую спрабуюць стварыць на месцы вычышчанай грамадзянскай супольнасьці, то яе можна ўмоўна падзяліць на 5 катэгорыяў.

Першая — «Убудаваныя пазасыстэмныя». Гэта структуры, якія паўсталі падчас падзеяў 2020 году з мэтай падтрымкі рэжыму Лукашэнкі. Зь цягам часу яны здолелі інкарпаравацца ў дзяржаўную сыстэму. Да такіх я адношу арганізатараў праўладных аўтапрабегаў у 2020 годзе, якія трансфармаваліся ў арганізацыю «Патрыёты Беларусі». Зь імі зьвязаны такі дзеяч, як Станіслаў Яскевіч, які арганізоўваў тыя аўтапрабегі. Пасьля ён займаўся прапагандай, стварыўшы Цэнтар новых мэдыя. Ён працаваў таксама на дзяржаўным тэлебачаньні, удзельнічаў у прапагандысцкім праекце «В режиме правды» Вадзіма Гігіна. Гэтыя «Патрыёты Беларусі» ўспрымаюцца сыстэмай як нешта сваё. Яны ўзаемадзейнічаюць і з чыноўнікамі, і з кіраўнікамі БРСМ. Частка гэтых людзей была зьвязаная зь дзяржавай ці прадзяржаўным бізнэсам, але гэта ўсё ж структура па-за межамі дзяржавы.

Другая катэгорыя — гэта «Моцныя калясыстэмныя». Найбольш вядомая структура з гэтай катэгорыі — фонд паралімпійца, матывацыйнага коўча, прапагандыста і сьпікера рэжыму Аляксея Талая. Дзейнасьць фонду і яго кіраўніка скіраваная на падтрымку Лукашэнкі і прасоўваньне ідэі «Единого отечества от Бреста до Владивостока». Ён уцягваў акупаваныя Расеяй тэрыторыі Ўкраіны ў беларускі дыскурс яшчэ да пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі. Цяпер яго фонд займаецца, апроч іншага, і вывазам у Беларусь дзяцей з Украіны.

Унутры краіны ён рэалізуе такія ініцыятывы, як «Сілавы маратон Айчына» — гэта сэрыя мерапрыемстваў па сілавой і ідэалягічнай падрыхтоўцы моладзі. Гэтым займаюцца такія радыкальныя прыхільнікі «русского мира», як Пётр Шапко — казак, пасьля 2014 году ён займаўся падрыхтоўкай людзей для ўдзелу ў вайне на Данбасе на баку сэпаратыстаў. І Талай спакойна ўдзельнічае з такім чалавекам у супольнай грамадзкай дзейнасьці.

Наступная катэгорыя — «Апрапрыяваныя актывісты». Тут трэба найперш прыгадаць Сяргея Лушча. Ён быў адным з самых вядомых прарасейскіх актывістаў у Беларусі. Удзельнічаў у стварэньні арганізацыі «Румол» («Русь молодая»), у праекце «Наш Гомель».

Лушч застаецца правадніком расейскіх інтарэсаў у Беларусі, ён спрабаваў стварыць палітычную партыю «Саюз». Цікава, што гэтую партыю не зарэгістравалі. Сыстэма абмяжоўвае актыўнасьць актараў, якія, нягледзячы на ўсю ляяльнасьць, могуць стаць пунктам уплыву зьнешніх сілаў, у дадзеным выпадку Крамля. З пункту гледжаньня беларускіх уладаў цэнтар уплыву павінен быць толькі адзін — гэта іх рэжым. У Маскве гэта добра зразумелі і таму рэалізуюць свае інтарэсы пераважна празь беларускі рэжым.

Лушч рэгулярна езьдзіць у Данбас з пулам беларускіх прапагандыстаў, найперш з Азаронкам і Гігіным. Рэпартажы пра іх візыты потым паказваюць па беларускай тэлевізіі. Тым самым расейская агрэсія і акупацыя легітымізуюцца для беларускай аўдыторыі.

Яшчэ адзін пэрсанаж з гэтай катэгорыі — Дзьмітры Белякоў. У мінулым ён супрацоўнік спэцслужбаў. Потым стаў экспэртам па ўсіх пытаньнях — па Кітаі, па інфармацыйнай палітыцы, па чым заўгодна. У нечым яго дзейнасьць дублюе актыўнасьць уласна расейскіх дзеячоў у Беларусі, такіх як гісторык Аляксандар Дзюкаў. Белякоў таксама займаецца «гістарычнымі войнамі». Ён падабраў псэўдагісторыка Аляксандра Плавінскага, які займаўся «дасьледаваньнем Курапатаў», сьцьвярджаючы, што там людзей забівалі нацысты.

Белякоў быў стваральнікам ініцыятывы «Інфаспэцназ», зь якога выйшла сумнавядомая Вольга Бондарава. Ён удзельнічаў у праекце СОНАР расейскага паліттэхноляга Сямёна Ўралава.

Чацьвёртая катэгорыя — «Стара-новая прарасейская апазыцыя». Найбольш вядомы прадстаўнік гэтай плыні — Арцём Агафонаў, які займаўся ініцыятывай «Грамадзянская згода» яшчэ да 2020 году. Адной з мэтаў гэтай ініцыятывы было прызнаньне Беларусьсю расейскай анэксіі Крыму. У 2020 годзе ён не падтрымаў Лукашэнку і нават выступіў з асьцярожнай крытыкай гвалту з боку сілавікоў. Пасьля гэтага ягоныя праекты ў Беларусі былі амаль спыненыя і знаходзяцца ў стане анабіёзу. Для сыстэмы ляяльнасьць да яе і да Лукашэнкі — гэта крытычна важны момант.

І апошняя, але самая цікавая катэгорыя, — гэта «Дзікія пазасыстэмныя».

Да іх можна аднесьці тую ж Вольгу Бондараву і Тацяну Сідаровіч з ТГ-каналу «Белоруска „топит“». Сюды ж можна аднесьці суполку «Спектр», якая праводзіла акцыі ў падтрымку АМАПу, і шэраг іншых маргінальных суполак, якія падтрымлівалі ўладу ў 2020 годзе. Асобы, якія ўтварылі «Спектр», да 2020 году паўсюль шукалі змову, змагаліся за традыцыйныя каштоўнасьці. Гэта людзі, якія ня здольныя працаваць у сыстэме і з сыстэмай. Яны пакрыўджаныя, што іх стараньняў не ацанілі.

Падобныя ж актывісты і блогеры стварылі ініцыятыву «Белый кролик». Гэта такі ўмоўна ананімны ТГ-канал, на якім публікуюцца даносы на чыноўнікаў і праўладных дзеячоў культуры, якіх абвінавачваюць у тым, што яны недастаткова пралукашэнкаўскія, прадзяржаўныя. Яны ў сваім імпэце называюць «схаваным змагаром» намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігара Луцкага, атакуюць Міністэрства культуры. Канфлікт, які адбыўся паміж Бондаравай і праўладным палітыкам і гісторыкам Ігарам Марзалюком, таксама часткова зьвязаны з суполкай «Белый кролик».

Для іх нават тая куртатая доля беларускасьці, якая захоўваецца ў беларускім рэжыме, — нацыяналізм.

Частка рэжыму зьяўляецца нашчадкам БССР, нашчадкам чырвона-зялёнай традыцыі. Яны — савецкія, кансэрватыўныя, супраць правоў чалавека, але захоўваюць пэўны сантымэнт да беларушчыны, хай і дэкаратыўнай.

Але «Дзікія пазасыстэмныя» — яны хутчэй чырвона-карычневыя. Незалежная Беларусь, беларуская нацыя, беларуская мова для іх — гістарычная недарэчнасьць.

— Якая ступень кіраванасьці гэтых беларускіх прарасейскіх актараў з боку Масквы? Яна іх падтрымлівае, фінансуе іх дзейнасьць? Ці яны дастаткова самастойныя і проста так бачаць сьвет?

— Ёсьць сярод іх актары, якія рэалізуюць праекты расейскіх фондаў, структураў пры расейскай амбасадзе. Напрыклад, гэта робіць Лушч, які такую сваю дзейнасьць і не хавае. Гэта праекты «Точки роста», «Юг молодой», «Мы вместе». Хутчэй за ўсё, свае паездкі на Данбас Лушч рэалізуе якраз у межах «Мы вместе».

Што тычыцца «Дзікіх пазасыстэмных», то іх і накіроўваць ня трэба, іх дзейнасьць па зачыстцы ўсяго беларускага, у тым ліку і ўмоўных прабеларускіх памкненьняў у дзяржапараце, цалкам адпавядае працэсу ідэалягічнай акупацыі.

Але нельга казаць, што Бондаравай з Крамля даюць загады, якога актывіста ці чыноўніка варта пачаць цкаваць. Людзі такога кшталту дзейнічаюць, зыходзячы са сваёй сыстэмы поглядаў і каштоўнасьцяў.

Хаця час ад часу ім могуць і даваць парады, на каго накіраваць актыўнасьць, у кім яшчэ застаўся «беларускі ген».

І аб’ектам цкаваньня робіцца, напрыклад, музычны гурт «Дразды» — абсалютна ляяльны рэжыму, але пры гэтым беларускамоўны. І таму для прарасейскіх шавіністаў у Беларусі яны — як чырвоная ануча для быка.

— Як у гэтых актывістаў з 5 катэгорыяў суадносяцца палітычныя ляяльнасьці Лукашэнку і Пуціну? Хто для іх «бацька»?

— Гэтая супольнасьць вельмі неаднародная, там ёсьць і камуністы, і амаль фашысты, і праваслаўныя фундамэнталісты, і артадаксальныя кансэрватары — каго там толькі няма. Стаўленьне да Лукашэнкі сярод іх рознае. Мяркую, што многія зь іх хацелі б, каб Беларусь была ўключаная ў склад Расеі пад агульным кіраўніцтвам Масквы.

Але яны ня могуць выказваць гэта адкрыта, бо як толькі гэта скажуць, то рызыкуюць, што зь імі пачнуць абыходзіцца гэтак жа, як і зь іншымі апанэнтамі рэжыму. Чаго яны як прафэсійныя даносчыкі ня хочуць і ўсяляк пазьбягаюць. Таму мусяць «фільтраваць» тое, што кажуць публічна. Але нянавісьць да беларускага ў іх вельмі моцная. Мову яны называюць «мойвай». І Лукашэнку яны могуць закідаць тое, што «выгадаваў нацыяналістаў» і што беларуская мова яшчэ там-сям захавалася. Кампанія змаганьня з лацінкай была тут толькі першым крокам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG