Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Нельга проціпастаўляць сялянскую і шляхецкую культуры, — Натальля Сьліж


Фотакаляж. Натальля Сьліж (справа)
Фотакаляж. Натальля Сьліж (справа)

Ці сапраўды ад беларускага сялянства XVI стагодзьдзя не засталося дакумэнтальных сьлядоў? Як мы можам пачуць з глыбіні стагодзьдзяў галасы сялян? У якіх дачыненьнях былі сяляне і шляхта? Якія правы мелі сяляне насамрэч? І што такое сялянская культура?

Пра гэта і пра іншае мы гаворым з аўтаркай больш як 150 навуковых прац, кандыдатам гістарычных навук Натальляй Сьліж.

0:00 — ці сапраўды ад беларускага сялянства XVI стагодзьдзя не засталося дакумэнтальных сьлядоў

3:47 — як мы можам пачуць галасы сялян з глыбіні стагодзьдзяў

7:15 — чым сапраўдны вобраз селяніна XVI–XVII стагодзьдзя адрозьніваецца ад кніжнага

10:02 — наколькі культура шляхты зьяўляецца сялянскаю

13:22 — ці адзначала шляхта народныя сьвяты

15:32 — ці маюць рацыю ідэолягі літвінства, калі падзяляюць сялянскую і шляхецкую культуры

17:35 — што сяляне захавалі для сучасных пакаленьняў беларусаў

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі з Натальляй Сьліж:

— Ці можна сказаць, што так званая шляхецкая культура, ці культура шляхты, у тым ліку матэрыяльная культура і культура побыту — гэта насамрэч звычайная беларуская сялянская культура?

— Мы павінны разумець, што шляхта не зьявілася ніадкуль. Тое, што ў XVI стагодзьдзі зьяўляецца цудоўная легенда пра паходжаньне шляхты ад Рыму, маўляў, яны адтуль ратаваліся і трапілі на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, — гэта звычайныя паданьні, уласьцівыя для найвышэйшага грамадзтва.

Як толькі новы шляхціц атрымлівае набілітацыю, то пра першага продка мы можам знайсьці толькі легендарную інфармацыю. Менавіта таму паходжаньне многіх шляхецкіх родаў так і застаецца да канца ня вывучаным.

Як атрымлівалі шляхецтва? Пераважна за ўдзел у ваенных дзеяньнях. Чалавек ніжэйшага стану ішоў у войска, і за свой унёсак у баявыя дзеяньні ён атрымліваў зямлю.

Калі гаварыць пра цыкль існаваньня шляхецкай і сялянскай гаспадаркі, то ён рэальна сельскі. Наогул, наша краіна ў рэальнасьці была аграрнаю краінаю, якая залежала ад сельскагаспадарчых працаў. Таму элемэнты сялянскай і сельскагаспадарчай культуры, якая залежыць ад сэзонаў — пачатак сельскіх прац вясной, летнія сельскія працы — былі цалкам аднолькавыя і для шляхецкай, і для сялянскай культуры.

Шляхціц, для таго каб разумець, што адбываецца ў ягоным маёнтку, таксама павінен быў ведаць асаблівасьці сельскай культуры і сельскагаспадарчых прац. Таму якраз былі вельмі папулярныя выданьні пра вядзеньні гаспадаркі. Бо што такое гаспадарка? Гэта і выраб сыроў, і піва, і гарэлкі, і правільна ўмець пасеяць, і даглядаць жывёлу. Так што ўсё гэта было ўласьціва шляхецтву.

Зь іншага боку, гаспадарка шляхецкая і гаспадарка сялянская — гэта дзьве розныя рэчы. І розьніца ня толькі ў аб’ёмах вытворчасьці. Сам шляхціц, калі ён меў буйныя ўладаньні, не працаваў, у адрозьненьне ад селяніна. Але сам па сабе рытм жыцьця быў падобны — гэта блізкія культуры. Шляхта ведала сялян, сяляне ведалі шляхту, і яны ўзаемадзейнічалі. Яны існавалі побач.

— А калі ўзяць каляндарныя сьвяты? Народны ж каляндар быў вельмі шчыльна пераплецены з хрысьціянскім. Радаўніца і Дзяды ж спраўляліся як у сялянскіх, так і ў шляхецкіх дамах. Дый сам шляхецкі дом часта няшмат адрозьніваўся ад сялянскага. І што наконт элемэнтаў духоўнай народнай культуры, фальклёру?

— Канечне, каляндар быў агульны. Канечне, можна знайсьці ў такіх Silva Rerum нататкі, дзе сустракаюцца народныя сьпевы, напрыклад, у XVII стагодзьдзі. Быў такі Крыштаф Завіша, які запісваў народныя прымаўкі і прыказкі, іх шмат сустракаецца ў ягоных нататках.

Таксама шляхта ўдзельнічала ў народных сьвятах. Я знайшла факты, як шляхта сьвяткавала Купальле. Інфармацыя захавалася дзякуючы таму, што ксёндз паскардзіўся на шляхцянку Ашмянскага павету. На пропаведзі ён сказаў не сьвяткаваць Купальле, бо гэта паганскае сьвята. І што ў адказ робіць тая шляхцянка? Яна раскладае вялікае вогнішча побач з касьцёлам, туды прыяжджаюць яе суседзі і падданыя, і ўсе разам усю ноч сьвяткуюць Купальле. Гэта так абурыла ксяндза, што ён пісаў, маўляў, было такое вогнішча, што ледзь касьцёл не спаліла. Вынікаў ня ведаю, бо знайшла толькі саму скаргу.

Так што шляхта ведала народны каляндар і сьвяткавала ягоныя сьвяты. Дакумэнтаў пра гэта мала, але зразумела, што народныя традыцыі захоўваліся, і гэта асуджалася сьвятарамі. Купальле адназначна асуджалася, і гэта не адзін раз сустракаецца ў пропаведзях або ў іншай рэлігійнай літаратуры.


— Як вы ставіцеся да сьцьвярджэньняў ідэолягаў так званага ліцьвінства, што культура Літвы, якая яшчэ існавала ў ХІХ стагодзьдзі, і, адпаведна, культура шляхты — гэта высокая арыстакратычная культура, а сяляне — гэта вясковыя этнаплебеі, якія цягнуць Беларусь у Расею? Ідзе проціпастаўленьне — сяляне беларускія (значыць, рускія), а шляхта — ліцьвінская.

— Калі так падзяляць культуры, то гэта шлях да канфліктаў і ў нікуды. Я ніколі не лічу, што шляхецкая культура больш высокая за сялянскую, і не зьяўляюся прыхільніцай толькі сялянскай культуры. Гэта не прывядзе да нармальнага стаўленьня да сваёй спадчыны.

Калі вы прыедзеце ў эўрапейскія краіны, то ўбачыце, што там людзі лічаць, што народная культура — гэта іх культура: і сялянская, і мяшчанская, і высокая культура, культура набілітэту.

І гэта вельмі важны момант. Бо, напрыклад, народная ежа робіцца візытоўкай краіны. Напрыклад, піца ў Італіі. Гэта ж была ежа бедных, а цяпер яна брэнд усёй Італіі.

Так што займацца падзелам і казаць, што нешта зьяўляецца больш высокім, а нешта — нізкае і непатрэбнае, гэта не найлепшы шлях. Трэба браць і тое, і тое. На сёньняшні дзень мы — і сяляне, і мяшчане, і шляхта.

— Гэта, канечне, штучнае проціпастаўленьне. Вы слушна прывялі прыклад эўрапейскіх краін. Там, напрыклад, народны касьцюм, найперш сялянскі касьцюм — гэта нацыянальны строй, які на сьвяты носяць усе слаі грамадзтва. Скажам, уся Баварыя носіць народныя строі. Мне даводзілася бываць у аўстрыйскім горадзе Гамінгу, дзе мясцовы арыстакрат жыве ў невялікай кватэры ў велізарным палацы, які некалі ўвесь яму належаў. У выходныя дні гэты граф апранае нацыянальны аўстрыйскі строй (гэта значыць сялянскі строй) і ідзе ў ім у касьцёл. Тут відавочна, што нам ідэолягі ліцьвінства спрабуюць навязаць вульгарную сацыялягізацыю ў бальшавіцкім стылі, але наадварот.

Яшчэ ў мяне пытаньне да вас такое. Некалі гісторык беларускай музыкі Вольга Дадзіёмава казала, што менавіта сяляне захавалі для сёньняшніх пакаленьняў вельмі шмат гарадзкой і арыстакратычнай музыкі. І да сёньня дасьледчыкі езьдзяць па вёсках і запісваюць ад народных музыкаў, напрыклад, канты XVII стагодзьдзя. Дык што сяляне захавалі для нас, цяперашніх пакаленьняў беларусаў?

— У гэтым пляне я таксама магу выказаць толькі захапленьне па многіх момантах, у тым ліку і па музыцы. Наша музычная скарбніца проста велізарная, пра гэта сьведчаць вынікі шматлікіх экспэдыцый. І сяляне для нас захавалі вельмі і вельмі вялікія музычныя пласты.

Чаму, напрыклад, можна сустрэць канты і іншыя праявы высокай культуры? Калі вы параўнаеце праявы вясельнай культуры, то зразумела, што пэўныя моманты шляхецкага вясельля ішлі і ў сялянскую культуру. Таму, калі яе вывучаць больш уважліва і зьвярнуць увагу, адкуль што пайшло, то там можна ўбачыць шмат рэчаў і зь мяшчанскай культуры, і са шляхецкай.

Яшчэ сялянская культура важная тым, што яна вельмі кансэрватыўная, яна вельмі цяжка паддаецца зьменам. І калі ўжо нешта трапляе ў гэтую культуру, то яно захоўваецца з пакаленьня ў пакаленьне і перадаецца вельмі доўга.

Чаму ў канцы XVIIІ — пачатку XIX стагодзьдзя этнографы проста захапляліся тымі цікавымі творамі, якія яны знаходзілі ў сялянскай культуры? Таму што вось, напрыклад, у Міхала Федароўскага, аднаго з маіх улюбёных этнографаў, вельмі шмат цікавых рэчаў зь сялянскай культуры.

Так што захавалі сяляне вельмі шмат. Тут пытаньне да дасьледчыкаў, як і што мы ўмеем прачытаць, прааналізаваць, данесьці да людзей.

Этнаграфічныя рэчы да сёньня маюць велізарнае значэньне, і спадчына сялянская — вельмі важная і для этнаграфіі, і для гісторыі, і для сацыялёгіі, і для іншых галінаў навукі і культуры.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Пра сялянскую аснову шляхецкай культуры Беларусі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:22:04 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG