Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы наведнік начнога клюбу спрабаваў зарэзаць танцорку зь Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта паведамляе Wyborcza.

27-гадовы жыхар гораду Катавіцы закахаўся ў танцорку з начнога клюбу Royal.

— Мужчына прыносіў ёй кветкі, купляў падарункі, ён відавочна быў у яе закаханы, — кажа адзін з паліцыянтаў.

16 сакавіка мужчына наняў адзін з пакояў у клюбе і запрасіў туды 26-гадовую танцорку зь Беларусі. Падчас сустрэчы ён прызнаўся жанчыне ў каханьні і прапанаваў сумеснае жыцьцё. Даведаўшыся, што беларуска не адказвае яму ўзаемнасьцю і ня хоча зь ім жыць, ён разьюшыўся.

Наведнік дастаў нож і нанёс танцорцы тры нажавыя ўдары. Жанчына ў жаху выбегла з пакою. Яна крычала, што на яе напалі. Потым высьветлілася, што ў пакоі, зь якога выбегла жанчына, увесь у крыві ляжаў мужчына.

— Ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам тым жа нажом, зь якім напаў на танцорку, і парэзаў сабе жывот, — расказаў адзін з супрацоўнікаў паліцыі.

Дактары з хуткай дапамогі прыйшлі да высновы, што стан зламысьніка больш цяжкі, чым ягонай ахвяры, і спачатку даставілі ў шпіталь яго. Яму зрабілі апэрацыю, а потым паінфармавалі, што пракуратура падазрае яго ў замаху на забойства беларускі. У шпіталі прайшло судовае пасяджэньне, суд пастанавіў узяць мужчыну пад варту тэрмінам на тры месяцы.

Яго даставілі ў ізалятар, дзе знаходзіцца аддзяленьне турэмнага шпіталя. «Яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне за замах на забойства», — падкрэсьліла Агнешка Жылка, прэсавая сакратарка паліцыі ў Катавіцах.

Таксама ў шпіталь даставілі пацярпелую танцорку, але яе пашкоджаньні аказаліся нецяжкія. Праз 12 гадзін жанчына пайшла дадому.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG