Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ня любіць беларусаў і чаму гэта небясьпечна


Штандар Палка Каліноўскага ў адной з устаноў Варшавы
Штандар Палка Каліноўскага ў адной з устаноў Варшавы

Польскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі апублікаваў вынікі апытаньня на тэму «Якія нацыі палякі любяць найбольш, а якія найменш?» Выявілася, беларусаў ня любяць 43% палякаў, абыякавыя 21%, ставяцца з сымпатыяй 24%.

Бяскрыўдная, на першы погляд, апытанка ў кантэксьце расейскіх пагрозаў атакаваць Польшчу выглядае злавесна.

Сьцісла:

  • Самыя беларусы да нелюбові палякаў ня маюць дачыненьня, яны, наадварот, паляпшаюць свой вобраз.
  • Трывогу выклікае тое, што польскі паказьнік такі самы ўва ўсіх суседзяў Беларусі, апроч Расеі.
  • У часы ваенных закалотаў нелюбоў іншых да тваёй нацыі — сур’ёзны прабел у нацыянальнай бясьпецы.

Адразу скажу, што сярод многіх дзясяткаў маіх знаёмых палякаў тых, хто б непрыязна ставіўся да беларусаў, няма. І ў камэнтарах да гэтай навіны ў сеціве пануе той самы настрой. Беларускія рэляканты ў Польшчы моцна зьдзіўленыя і зьняпраўджваюць тое, што амаль кожны другі паляк да іх нібыта непрыязны.

Тым ня менш лічбы кладуцца ў агульную карціну, што складаецца вакол Беларусі, дзе вобраз беларусаў рэзка пагоршыўся што ў літоўцаў, што ва ўкраінцаў. Напэўна, прычына ў расейскай агрэсіі, якая пачалася ва Ўкраіне менавіта зь беларускай тэрыторыі. І ў тым, што шараговы паляк звычайна не аддзяляе беларусаў ад Лукашэнкі, які тую агрэсію дазволіў. Хоць фігуравалі ў апытанцы менавіта нацыі, а не дзяржавы, але як звычайнаму паляку ўявіць сабе, што ў нас нацыя і дзяржава — зьявы ня толькі чужыя, але і варожыя? Зь іншага боку, самі сабой беларусы нібыта не пагоршыліся настолькі, каб так абваліць свой рэйтынг.

У нармальных краінах пра вобраз нацыі дбае найперш улада. Прычым пачынаючы ад ладу жыцьця да, напрыклад, перакладаў кніг сваіх пісьменьнікаў на замежныя мовы — дзеля ўзаемаразуменьня.

Калісьці ў 1990-я ў часе журналісцкага туру па ЗША я сказаў перакладніку Білу: мы праехалі дзевяць штатаў, наведалі мноства ўстановаў і ні разу не сутыкнуліся з самадурам пры пасадзе. У нас тады такіх высьмейвалі, называючы іх «вахцёрскай уладай». «У нас ідыётаў ня менш, чым у вас, — адказаў Біл, — але ўсё ўладкавана так, каб такіх на пасадах не было».

Амэрыканцы, дарэчы, у польскім рэйтынгу на першым месцы, ім сымпатызуюць 65% палякаў, а ня любяць усяго 8%.

Уявіць сабе, каб прэзыдэнты Літвы, ці Польшчы, ці Ўкраіны (на 30-м годзе праўленьня!) паскардзіліся, што ня той народ ім дастаўся, увогуле немагчыма.

Затое лёгка ўявіць, каб такі рэйтынг сваіх нацыяў стаў для тых прэзыдэнтаў сур’ёзным званком. Найперш з гледзішча нацыянальнай бясьпекі. Але людзі ў лямпасах, якія штодня дэфілююць на экране БТ, пад нацыянальнай бясьпекай маюць на ўвазе што заўгодна, толькі ня вобраз нацыі.

З аднаго боку, гонар за сваю нацыю выклікаюць беларусы, бо толькі яны самі, насуперак паводзінам дзяржавы, ратуюць уласны імідж. Адзначаецца, што ў параўнаньні зь леташнім апытаньнем палякі да беларусаў сёньня ставяцца хоць крыху, але лепей: тады 51% палякаў нас не любілі, а 19% выказалі сымпатыю. Трэба думаць, што палякі крыху бліжэй пазнаёміліся з нашымі ўцекачамі ад Лукашэнкі і ацанілі іх належным чынам.

Гонар гонарам, але нізкі рэйтынг беларусаў ува ўсіх суседзяў, апроч Расеі, памнажае трывогу. Калі далейшая агрэсія Масквы будзе разьвівацца ў бок Літвы і Польшчы, падобныя рэйтынгі могуць і «здэтанаваць», абясцэньваючы жыцьцё беларусаў, калі агрэсар зноў пойдзе зь беларускай тэрыторыі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG