Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта беларуская прапаганда параўноўвае трагедыю «Крокуса» з Хатыньню, — тлумачыць экспэрт Быкоўскі


Мэмарыял на месцы тэракту у канцэртным цэнтры «Крокус» у Падмаскоўі. Ілюстрацыйнае фота
Мэмарыял на месцы тэракту у канцэртным цэнтры «Крокус» у Падмаскоўі. Ілюстрацыйнае фота

Мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі расказвае, наколькі хутка беларуская прапаганда выдала свае «вэрсіі» тэракту ў Расеі, чаму беларускія чыноўнікі першымі арганізавана кінуліся выкрываць арганізатараў тэрарыстычнай атакі і выказваць спачуваньні і ці не перашкаджае афіцыйная прапаганда палітычным адносінам Менску і Кіева.

Сьцісла:

  • Прапаганда любую інфармацыйную нагоду выкарыстоўвае для пацьверджаньня ўласных тэзісаў.
  • Апошнім часам сярод найбольш актыўных прадстаўнікоў беларускай прапаганды рэй вядуць русафільскія асобы з «рускаміраўскімі» поглядамі.
  • Прапаганда ня любіць складанасьцяў, яна аддае перавагу простым чорна-белым схемам.
  • Беларуская і расейская прапаганда сынхранізавалася супраць Украіны яшчэ на пачатку 2022 году, перад расейскім шырокамаштабным уварваньнем.

— Ці можна ўжо рабіць пэўныя высновы наконт таго, як беларуская прапаганда адрэагавала на тэракт у канцэртным цэнтры «Крокус» у Падмаскоўі? Ці вытрымлівала яна нейкую паўзу, чакаючы ўстаноўкі зьверху, ці рэагавала даволі хутка? Чаму, мяркуючы па ўсім, матывы беларускай прапаганды амаль дакладна супалі з расейскай?

— Ніякай паўзы з вызначэньнем «вэрсіі» ў іх не было. Наш маніторынг паказаў, што адразу ў тэлеграме зьявіліся допісы з абвінавачваньнем усіх «традыцыйных» ворагаў беларускага кіроўнага рэжыму. У прапаганды была вечная тэма — ворагі Беларусі і Расеі звонку робяць падкопы. Адразу прагучалі кансьпіралягічныя вэрсіі, хто і навошта гэта зрабіў.

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Кансьпіралёгія, тэорыя змоваў — гэта такая рэч, калі факты не адмаўляюцца, але яны ўбудоўваюцца ў такую пасьлядоўнасьць, якая прыводзіць да самых неверагодных высноваў. Сытуацыя, калі прапаганда любую інфармацыйную нагоду выкарыстоўвае для пацьверджаньня сваіх тэзісаў, — тут нічога дзіўнага і новага.

Напрыклад, «Беларусь сегодня» заявіла, што гэта ўвогуле не тэракт супраць Расеі, а тэракт супраць «саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі».

— З улікам таго, як імгненна дзяржаўныя структуры арганізавалі праявы жалобы каля расейскіх прадстаўніцтваў у розных гарадах Беларусі, таго, што самі чыноўнікі амаль у поўным складзе ўзялі ў гэтым удзел — які ў гэтым палітычны сэнс? Трэба было чарговы раз паказаць сваю еднасьць і салідарнасьць з расейскім кіраўніцтвам?

— Па-першае, варта адзначыць, што выказаць жалобу ў такой сытуацыі — гэта цалкам нармальнае і зразумелае дзеяньне. Іншая справа, што з нагоды бамбаваньня Ўкраіны і гібелі там мірных людзей такую жалобу афіцыйныя асобы Беларусі не выказваюць.

Тое, на што вы зьвярнулі ўвагу — што ў першых шэрагах тых, хто выказвае спачуваньне, былі чыноўнікі — азначае, што яны былі нейкім чынам «зарыентаваныя» зьверху так зрабіць. Калі такое ўказаньне зьверху зьяўляецца, то менавіта чыноўнікі першымі яго выконваюць.

— Сярод найбольш абсурдных выказваньняў варта прыгадаць словы прапагандыста Лазуткіна, які заявіў літаральна наступнае: «Опять же, случайно ли, что это в годовщину Хатыни? Допустим, это теракт, который спланирован украинской стороной». Калі ніадкуль яшчэ не прагучала афіцыйнай вэрсіі, беларускія прапагандысты ўжо пачалі абвінавачваць на ўсе лады Захад і Ўкраіну. Як вы лічыце, ці была «адмашка» зьверху на агучваньне такіх вэрсіяў?

— Я ня ўпэўнены, што абавязкова была такая «адмашка». Бо апошнім часам сярод найбольш актыўных прадстаўнікоў беларускай прапаганды рэй вядуць русафільскія асобы з «рускаміраўскімі» поглядамі. Ім было складана на пачатку 2020 году, калі былі інфармацыйныя спрэчкі паміж Менскам і Масквой, але цяпер яны на кані. І гэтыя людзі часам праяўляюць нават уласную ініцыятыву, што адпавядае іхным перакананьням.

Іншая справа, што дзяржаўныя тэлеканалы працуюць у цеснай сувязі з прэсавай службай Аляксандра Лукашэнкі, яны многае плянуюць разам. У такой сытуацыі тэлеканалы ведалі, каго запрашалі ў этэр і што скажуць гэтыя сьпікеры.

Шмат хто зь беларусаў жыве ў расейскай інфармацыйнай прасторы, таму дзяржаўныя тэлеканалы пабачылі, што нарэшце могуць зрабіць нешта, што будзе цікава людзям, і пры гэтым уключыць туды сваю інфармацыйную начынку.

— Выказваючы антызаходнюю і антыўкраінскую вэрсіі, прапагандысты пры гэтым могуць адчуваць сябе цалкам бясьпечна і спакойна. Калі памылісься — то ніхто цябе за гэта не пакарае.

— Так, безумоўна. У прапагандзе ёсьць «тэма», і ёсьць «рэма» — канкрэтная нагода, якую можна выкарыстаць. Тэракт стаў нагодай, дзе ўсе вэрсіі нанізваліся паводле вядомай ім схемы.

Выпады супраць Украіны можна патлумачыць тым, што ў гэтым сэнсе беларуская і расейская прапаганда сынхранізавалася яшчэ на пачатку 2022 году, перад расейскім шырокамаштабным уварваньнем.

— Аднак менскі рэжым не вядзе вайну з Украінай. Шмат кажуць, што падтрымліваюцца нейкія неафіцыйныя кантакты паміж Менскам і Кіевам, мы назіраем, што Ўкраіна не атакуе беларускую тэрыторыю, і гэтак далей. Няўжо такая антыўкраінская прапаганда ня можа пашкодзіць адносінам Менску і Кіева, хоць бы на неафіцыйным узроўні?

— Даволі часта ў палітыцы бывае несупадзеньне таемнага і публічнага. Здараюцца нават кантакты паміж ворагамі падчас вайны. Беларусь непасрэдна ня ўдзельнічае ў вайне, і эканамічныя кантакты спыненыя ня цалкам.

Таму схема ня чорна-белая. Аднак прапаганда ня любіць складанасьцяў, яна акурат аддае перавагу простым чорна-белым схемам. Усё ўпакавана ў тэзіс «мы ведаем, хто ўсё гэта зрабіў», бо прапаганда заўсёды на гэтага ворага паказвала пальцам. Новага ворага яны не прыдумляюць, для прапаганды няма неабходнасьці быць пасьлядоўнай.

Гэта ня тая тэма, якую чалавек можа прапусьціць празь сябе. Калі чалавеку расказваюць, што няма перабояў зь лекамі, то ён можа схадзіць у аптэку і сам гэта праверыць. А вось хто зрабіў гэты тэракт — самому чалавеку адказаць складана. А адказы на гэтае пытаньне ведаць хочацца. І прапаганда дае адказ, які кладзецца яшчэ на старыя дрожджы савецкай антызаходняй прапаганды.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG