Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне заявілі аб пашкоджаньні скрадзенага Расеяй карабля, які хацелі выдаць за адрамантаваны «Минск»


Так выглядаў захоплены Расеяй украінскі карабель «Костянтин Ольшанський» у 2020 годзе. Архіўнае фота
Так выглядаў захоплены Расеяй украінскі карабель «Костянтин Ольшанський» у 2020 годзе. Архіўнае фота

Сьпікер Вайскова-марскіх сіл Украіны дадаў, што ўкраінскія войскі таксама пашкодзілі сярэдні выведны расейскі карабель «Иван Хурс».

У Вайскова-марскіх сілах Украіны пацьвердзілі пацэльваньне ў вялікія расейскія дэсантныя караблі «Ямал» і «Азоў», а таксама пашкоджаньне захопленага ў часе анэксіі Расеяй Крыму ўкраінскага карабля «Костянтин Ольшанський».

«У 2014 годзе расейскія акупанты захапілі наш вялікі дэсантны карабель „Костянтин Ольшанський“. Дзевяць гадоў акупанты здымалі зь яго абсталяваньне і выкарыстоўвалі яго для рамонту ўласных караблёў такога ж праекту, таму што замовіць іх у Польшчы, як яны спрабавалі гэта зрабіць праз падстаўныя агенцтвы, не выходзіла. Калі яны зразумелі, што колькасьць вялікіх дэсантных караблёў зьмяншаецца, яны вырашылі яго аднавіць і выдаць або за адноўлены „Минск“, або „Оленегорский горняк“, таму што іх яны аднавіць ня здольныя», — паведаміў сьпікер Вайскова-марскіх сіл Украіны Дзьмітро Плецянчук у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Паводле яго, Расея ўжо рыхтавала карабель «Костянтин Ольшанський» для выкарыстаньня супраць Украіны, таму камандаваньне ўхваліла рашэньне аб яго зьнішчэньні.

«Выбару ў нас няма. Выкарысталі ўкраінскі „Нптун“, і пацэльваньне адпрацавалі. Цяпер гэты карабель таксама небаяздольны», — паведаміў Дзьмітро Плецянчук.

Сьпікер Вайскова-марскіх сіл Украіны дадаў, што ўкраінскія войскі таксама пашкодзілі сярэдні выведны расейскі карабель «Иван Хурс».

«Можам пацьвердзіць пашкоджаньне выведнага абсталяваньня на кармавой частцы, то бок фактычна ён цяпер небаяздольны і выконваць заданьні ня можа», — адзначыў ён.

25 сакавіка ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб пацэльваньні 23 сакавіка ў вялікі дэсантны карабель (ВДК) «Ямал» Чарнаморскага флёту Расеі, які знаходзіўся на суднарамонтным заводзе ў Севастопалі. Дакумэнтальнага пацьвярджэньня ў яшчэ тры караблі, якія назвалі ў Вайско-марскіх сілах Украіны, пакуль няма.

Страты Чарнаморскага флёту Расеі пасьля 22 лютага 2022 году

  • У ноч на 5 сакавіка ўкраінскія войскі пацэлілі ў расейскі патрульны карабель «Сергей Котов», які быў у порце Керчы.
  • У ноч на 14 лютага ўкраінскія вайскоўцы зьнішчылі вялікі дэсантны карабель «Цезарь Куников».
  • У ноч з 31 студзеня на 1 лютага 2024 году байцы спэцпадразьдзелу «Group 13» Галоўнага ўпраўленьня выведкі зьнішчылі ракетны карабель «Ивановец» Чарнаморскага флёту Расеі.
  • 4 жніўня 2022 году ўкраінцы ў бухце Новарасійску атакавалі марскімі дронамі вялікі дэсантны карабель «Оленегорский горняк» і вывелі яго са строю.
  • Летась 13 верасьня ў выніку ўкраінскай атакі дронамі бухты ў Севастопалі пашкоджаньні атрымалі дызэль-электрычная субмарына «Ростов-на-Дону» і вялікі дэсантны карабель «Минск», яны загарэліся.
  • 22 верасьня 2023 году стала вядома пра некалькі выбухаў у акупаваным Севастопалі. Акупацыйныя ўлады Крыму паведамілі аб ракетным абстрэле штабу Чарнаморскага флёту РФ. Пасьля гэтых атак, паводле амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), Расея перамясьціла ня менш за 10 сваіх вайсковых караблёў Чарнаморскага флёту ў Новарасійск зь Севастопалю, каб абараніць іх ад украінскіх атак. Аднак гэта не ўратавала флёт ад наступных украінскіх атак.
  • 11 кастрычніка пашкоджаньні атрымаў карабель «Павел Державин», які быў недалёка ад Севастопалю, у пачатку лістапада — ракетны карабель «Аскольд», які знаходзіўся на суднабудаўнічым заводзе «Заліў» у Керчы і яшчэ ня быў уведзены ў склад флёту.
  • 10 лістапада 2023 году ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб пашкоджаньні ў Крыме двух малых дэсантных расейскіх караблёў тыпу «Серна», на якіх былі браняваная тэхніка і сродкі супрацьпаветранай абароны.
  • У сьнежні ўкраінцы зьнішчылі вялікі дэсантны карабель «Новочеркасск».
  • 12 траўня 2022 году ўкраінцы зьнішчылі каля вострава Зьмяіны расейскі дэсантны карабель тыпу «Серна».
  • У пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ў выніку ўкраінскага ўдару патануў ракетны крэйсэр «Москва».

    Вайна Расеі супраць Украіны

    • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
    • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
    • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
    • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
    • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
    • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
    • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
    • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
    • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
    • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
    • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
    • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG