Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты Свабоды атрымалі найвышэйшую ўзнагароду Амэрыканскіх глябальных мэдыя


Журналісты Свабоды Ігар Лосік, Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Кузьнечык
Журналісты Свабоды Ігар Лосік, Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Кузьнечык

Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Кузьнечык, Ігар Лосік абвешчаныя ляўрэатамі ўзнагароды «За выдатную журналістыку» імя Дэйвіда Бэрка, якая штогод уручаецца журналістам пяці мэдыйных арганізацыяў, якія ўваходзяць у склад Агенцыі глябальных мэдыя ЗША.

9 сьнежня ў Вашынгтоне ўзнагароды ўручала кіраўніца Агенцыі глябальных мэдыя ЗША Аманда Бэнэт, якая адзначыла асабістую мужнасьць журналістаў беларускай службы Радыё Свабода і надзвычайную цану, якую яны плацяць за права выконваць свае прафэсійныя абавязкі.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай гаварыў пра перасьлед журналістаў і аўдыторыі Свабоды, пра страх рэжыму перад свабоднай прэсай. Кадры зь менскіх вуліц і масавых пратэстаў, якія паказвалі жорсткія дзеяньні АМАПу і адвагу пратэстоўцаў і дэманстраваліся падчас прамовы Флая, былі плёнам працы журналістаў, што асьвятлялі пратэсты.

Двое з трох ляўрэатаў за кратамі. З словам у адказ выступіў Алег Грузьдзіловіч:

«63 гады я пражыў у Беларусі, а цяпер мушу жыць у Літве. Пасьля 9 месяцаў турмы міліцыянты вывезьлі мяне на мяжу з Літвой і забаранілі вяртацца на Радзіму. У Беларусі я ўнесены ў сьпіс экстрэмістаў, як і мае калегі Ігар Лосік і Андрэй Кузьнечык, якія застаюцца за кратамі. 30-гадовы Ігар Лосік атрымаў найбольшы з нас тэрмін — 15 гадоў зьняволеньня. Андрэя Кузьнечыка пакаралі 6 гадамі зьняволеньня.

Беларускім журналістам помсьцяць за працу ня толькі вялікімі тэрмінамі. Б’юць і па іхных сем’ях. Нядаўна арыштавалі жонку Ігара Лосіка Дар’ю Лосік, якая засталася ў Беларусі і патрабавала вызваленьня мужа. Ёй пагражае 4 гады турмы. Бяз таты і бяз маці застанецца 4-гадовая дачка Лосікаў Паўліна. Двое малых дзяцей Андрэя Кузьнечыка чакаюць яго ў Менску. Андрэй з турмы дасылае ім вершы, але ня ўсе лісты прапускаюць на волю.

Рэкордную падтрымку аказваюць нам людзі ў Беларусі і за мяжой. Нават міліцыянты гэта прызнаюць.У калёніі я сядзеў у штрафным ізалятары і чуў празь дзьверы, як ахоўнікі паміж сабой размаўлялі пра мяне. Адзін сказаў, што «гэта той, пра каго шмат пішуць у інтэрнэце». Другі адказаў: «Малайцы, падтрымліваюць».

Начальнік калёніі ў Магілёве гэтак крычаў на мяне пры першай сустрэчы: «Дык ты журналіст „Свабоды“? Адкажаш мне за ўсё». Дапамагала тое, што іншыя вязьні спрабуюць палітычных падтрымаць, ставяцца да іх з павагай. Зараз кожны дзясяты вязень у беларускіх турмах — палітычны. І ўжо мала хто верыць, што яны «экстрэмісты» ці «тэрарысты».

Таксама вытрымаць дапамагла пазыцыя нашага Радыё. Да мяне ў вязьніцу нават дайшоў ліст кіраўніка Радыё Свабода Джэймі Флая. Гэты ліст чыталі па-ангельску ўсёй камэрай! Такая падтрымка там крайне неабходная. І я асабіста вельмі ўсьцешаны, што USAGM [Агенцтва глябальных мэдыя ЗША] настойліва патрабавала нашага вызваленьня, і ў выніку я аказаўся на волі»

  • Ігар Лосік арыштаваны 25 чэрвеня 2020 году і асуджаны на 15 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. У кастрычніку 2022 году арыштаваная ягоная жонка Дар’я, якую абвінавачваюць у «спрыяньні экстрэмізму» за інтэрвію тэлеканалу Белсат. У Ігара і Дар’і 4-гадовая дачка Паўліна.
  • Андрэй Кузьнечык арыштаваны ў лістападзе 2021 і і асуджаны на 6 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Алег Грузьдзіловіч арыштаваны ў сьнежні 2021 і асуджаны на 2,5 года зьняволеньня. Вызвалены ў верасьні 2022.

Ігар, Андрэй і Алег — сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Беларуская служба Радыё Свабода атрымала ўзнагароду Дэйвіда Бэрка за працу на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. Грашовую частку ўзнагароды журналісты перадалі тады сем’ям палітзьняволеных у Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG